Швайцарыя далучылася да апошніх пакетаў санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі і Расеі

Сьцягі Эўразьвязу і Швайцарыі. Архіўнае фота

Швайцарыя з 15 траўня далучаецца да абмежавальных захадаў, прадугледжаных у 16-м пакеце санкцыяў Эўрапейскага Зьвязу супраць Беларусі і Расеі за вайну ва Ўкраіне.

Пра гэта паведаміла прэс-служба ўраду Швайцарыі, спасылаючыся на рашэньне Фэдэральнай рады краіны ад 14 траўня 2025 году.

У ім адзначаецца, што Фэдэральная рада далучаецца да санкцыяў ЭЗ супраць Расеі і пашырае санкцыі Швайцарыі супраць Беларусі, прынятыя Эўразьвязам 24 лютага 2025 году ў сувязі з працягам удзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны.

Гэтыя захады ўключаюць, у прыватнасьці, узмацненьне жорсткасьці экспартных абмежаваньняў і забарону на імпарт неапрацаванага беларускага алюмінію.

Захады накіраваныя на «далейшае ўзгадненьне санкцыяў» супраць Беларусі зь дзейнымі абмежавальнымі захадамі для Расеі, у тым ліку каб перадухіліць іх абыход.

Швайцарыя не ўваходзіць у Эўразьвяз, але яна сябра Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЭАСГ) і шчыльна зьвязаная з ЭЗ як палітычна, так і эканамічна.

19 сакавіка стала вядома, што Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Паўночная Македонія і Ўкраіна (краіны з статусам кандыдатаў на ўступленьне ў ЭЗ), а таксама Ісьляндыя, Ліхтэнштайн і Нарвэгія (чальцы ЭАСГ) далучыліся да 16-га пакету санкцыяў, ухваленага Радай Эўрапейскага Зьвязу ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі і яе ўдзелам у расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Цяпер Эўразьвяз рыхтуе 17-ы пакет санкцыяў супраць уладаў Расеі і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадары краін Эўразьвязу ўхвалілі 17-ы пакет санкцыяў супраць Расеі за вайну ва Ўкраіне