«Расея цешыцца». Румыны пасьля выбараў прэзыдэнта могуць прачнуцца ў іншай краіне

Каля Бухарэста галасуе кандыдат на выбарах Джорджэ Сім’ён разам са сваёй жонкай

Перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі 18 траўня палітычную ўвагу назіральнікаў сканцэнтраваў на сабе адзін кандыдат — Джорджэ Сім’ён. Ён набраў больш за ўсіх галасоў у першым туры, і ягоная перамога ў другім можа крута памяняць палітыку Румыніі і балюча адгукнуцца ў Эўразьвязе і NATO.

Другі кандыдат у бюлетэнях — былы мэр Бухарэсту, прафэсар матэматыкі Нікушор Дан. Але лідэр у стварэньні інфармацыйных нагодаў — майстар гучных заяваў і рэзкіх жэстаў 38-гадовы кіраўнік партыі «Альянс за аб’яднаньне румынаў» Джорджэ Сім’ён.

Днямі ён праігнараваў трэція запар дэбаты, дзе яго чакаў Дан і запрошаныя ўдзельнікі. Хоць раней казаў, што пойдзе «на любы тэлеканал», і нават абвінавачваў супернікаў у баязьлівасьці, а журналістаў у перадузятасьці.

Фота з дэбатаў, на якія не прыйшоў Джорджэ Сім’ён, і ягоны супернік Нікушор Дан сядзіць насупраць пустога крэсла

Замест абяцанага ўдзелу ў дэбатах Сім’ён нечакана апынуўся на мітынгу ў суседняй Польшчы, дзе выступіў за ультраправага кандыдата ў прэзыдэнты Караля Наўроцкага.

«Будучы прэзыдэнт Румыніі, будучы прэзыдэнт Польшчы», — прадставіў Наўроцкі Сім’ёна і сябе гледачам.

«Расея цешыцца», — пракамэнтаваў гэты дуэт прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. (Польскія прэзыдэнцкія выбары таксама праходзяць у нядзелю 18 траўня, і Наўроцкі мае шанцы выйсьці ў другі тур.)

Аналітыкі адзначаюць, што стомленыя ад эканамічных праблем румыны прагаласавалі за Джорджэ Сім’ёна ў першым туры на знак пратэсту супраць дзейнага кіраўніцтва.

Мо таму ён і вырашыў не марнаваць словаў, а паводзіцца як перадвызначаны пераможца, які ставіцца да сваіх супернікаў паблажліва.

Гэткі стыль палітычнай барацьбы можа здацца беларусам знаёмым.

Неўязны ва Ўкраіну і Малдову прыхільнік «Вялікай Румыніі»

Джорджэ Сім’ён выйшаў з асяродзьдзя футбольных фанатаў і ў палітыцы не выбіраў словаў і мэтадаў. Ягоная ідэя «Вялікай Румыніі», што значыць — з тэрыторыямі Малдовы і часткі Ўкраіны, закрыла для яго ўсходнія межы.

Дарэчы, разгляд скаргі Сім’ёна на забарону ўезду ў Малдову адбудзецца ў кішынёўскім судзе акурат у панядзелак пасьля галасаваньня.

Запальчывы, бо выступае «ад імя мільёнаў румынаў»

Джорджэ Сім’ён вядомы рэзкімі паводзінамі і выбухамі гневу, піша Румынская служба Радыё Свабода.

У 2021 годзе ён запусьціў у сваім фэйсбуку стрым, у якім схапіў міністра фінансаў Дана Вылчану за горла і даў яму поўху пасьля таго, як той спытаўся, колькі Сім’ёну плацяць у расейскім пасольстве.

Джорджэ Сім’ён праводзіць «сілавы стрым» зь міністрам Данам Вылчану

У 2022 годзе Сім’ён накінуўся на тагачаснага міністра энэргетыкі Вірджыла Папэску.

Ён схапіў яго за патыліцу, руку і ў твар пракрычаў некалькі разоў: «Ты злодзей!» У адказ Папэску сказаў яму: «Ты ідыёт».

«Мяне турбавала тое, што ён злодзей, і я сказаў яму, што ён злодзей. Я выступаю ад імя мільёнаў румынаў», — патлумачыў потым сваё права на такія паводзіны Джорджэ Сім’ён.

Джорджэ Сім’ён (справа) гневаецца на Вірджыла Папэску

У 2023-м у парлямэнце ён пасварыўся з дэпутаткай Дыянай Шашаакэ, якая падышла да трыбуны, зь якой ён выступаў, і пачала здымаць яго на тэлефон. Пасьля абмену абразамі Джорджэ Сім’ён выбіў тэлефон зь ейных рук.

Палітык ня раз трапляў на відэа і зь іншымі публічнымі выбухамі гневу.

У 2023 годзе былы міністар абароны Малдовы Анатоль Шалару абвінаваціў Сім’ёна ў сувязях з расейскімі спэцслужбамі. Палітык гэтыя абвінавачваньні адпрэчыў.

Нікушор Дан і Джорджэ Сім’ён

Што зьменіцца ў Румыніі, калі выберуць Сім’ёна

З заяваў Джорджэ Сім’ёна можна скласьці ўражаньне, якой будзе палітыка Румыніі ў выпадку ягонага абраньня.

Спыніцца падтрымка Ўкраіны. «Наша пазыцыя адносна захопніцкай вайны Расеі супраць Украіны, якая доўжыцца ўжо тры гады і нікуды не вядзе, — гэта нэўтралітэт», — заявіў ён.

Румынія запатрабуе ад Украіны кампэнсацыі за вайсковую дапамогу.

Спыніцца падтрымка Малдовы. «Румынія больш ня дасьць ніводнага лея іншай краіне, а засяродзіцца на ўласным насельніцтве», — заявіў Сім’ён на Euronews 8 траўня.

Пры ўладзе будзе чалавек, які ўспрымае Ўкраіну як «савецкае стварэньне», а вайну ва Ўкраіне як «вайну паміж праваслаўнымі хрысьціянамі».

За ўзор у палітыцы будзе ўзяты стыль прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Дзясяткі тысяч румынаў выйшлі на праэўрапейскія маршы

Марш «Адна дарога — Эўропа» ў Бухарэсьце 9 траўня

Сёлета 9 траўня ў Бухарэсьце і іншых вялікіх гарадах Румыніі прайшлі праэўрапейскія маршы. На самым масавым у сталіцы сабраліся каля 30 тысяч дэманстрантаў.

Але аналітыкі схіляюцца да думкі, што ўжо наўрад ці нешта перашкодзіць трыюмфу Джорджэ Сім’ёна, нягледзячы на пагрозу ізаляцыі краіны, падрыву прыватных інвэстыцыяў і дэстабілізацыі ўсходняга флянгу NATO.

Паўгоду палітычнага шторму ў Румыніі

Мітынг у падтрымку Каліна Джарджэску 22 лютага 2025 году

Палітычны шторм у Румыніі пачаўся летась у лістападзе, калі прарасейскі нацыяналіст Калін Джарджэску нечакана перамог у першым туры галасаваньня. Тады улады анулявалі вынікі, спаслаўшыся на расейскую кампанію ўплыву з мэтай прасоўваньня яго кандыдатуры.

Джарджэску забаранілі балятавацца на гэтых выбарах, увёўшы шэраг новых правілаў.

Але прыйшоў Сім’ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Румыніі пайшоў у адстаўку пасьля першага тура выбараў прэзыдэнта, якія кандыдат ад кіроўнай кааліцыі прайграў