Сьледчы камітэт Расеі пачаў праверку дзеяньняў расейскіх комікаў Аляксандра Далгаполава і Гарыка Аганесьяна, якія нібыта пажартавалі ў сваім выступе ў Нямеччыне з гібелі ў Санкт-Пецярбургу прарасейскага ваеннага блогера Максіма Фаміна.
«У часе выступу на сцэне ў Бэрліне Далгаполаў і Аганісьян абыгралі ў выглядзе жарту абставіны тэракту ў Санкт-Пецярбургу, у выніку якога загінуў ваенны карэспандэнт Максім Фамін, вядомы пад псэўданімам Уладлен Татарскі. У рамках праверкі дзеяньні Далгаполава і Аганесьяна атрымаюць прававую ацэнку», — працытавала агенцтва РБК супрацоўніка прэсавай службы Сьледчага камітэту Расеі.
Паводле агенцтва, «у сваім выступе Далгаполаў парадыяваў Дар’ю Трэпаву і падарыў статуэтку Аганісьяну, які парадыяваў Татарскага».
На відэазапісе, які распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, немагчыма зрабіць выснову, што комікі паказвалі пародыю на Дар’ю Трэпаву і Максіма Фаміна. У фрагмэнце відаць, як Аляксандар Далгаполаў зьяўляецца на сцэне ў часе выступу Гарыка Аганісьяна, дастае з папяровага пакета статуэтку і перадае яе Гарыку Аганісьяну. Той прымае статуэтку і ставіць яе побач са словамі: «Няхай тут пастаіць». Тэкст, які перад гэтым агучваў Далгаполаў, на відэазапісе адсутнічае.
Абодва артысты зьехалі з Расеі адразу пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Нядаўна Гарык Аганісьян паведаміў, што атрымаў грамадзянства Армэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад выбуху ў Пецярбургу загінуў прарасейскі апалчэнец, які абяцаў усіх «забіць і абрабаваць»Пасьля выбуху ў кавярні ў Санкт-Пецярбургу 2 красавіка загінуў расейскі прапагандыст Уладлен Татарскі (сапраўднае імя Максім Фамін). Колькасьць пацярпелых ад выбуху ўзрасла да 30, а 24 чалавекі шпіталізаваныя.
Сьледчыя органы Расеі заявілі, што ўстанавілі асобы падазраваных у забойстве Татарскага, перадаюць расейскія дзяржаўныя СМІ. Па іх дадзеных, выбух учыніла 26-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбургу Дар’я Трэпава, якая, як мяркуе сьледзтва, прынесла ў кавярню, дзе выступаў Татарскі, статуэтку з выбуховым прыстасаваньнем унутры. Пазьней яе затрымалі ў кватэры знаёмага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі падазраваную ў выбуху ў кавярні ў Санкт-Пецярбургу. Яе абвінавачваюць у сувязях з Украінай і Фондам НавальнагаНацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі заявіў, што выбух «быў сплянаваны спэцслужбамі Ўкраіны з прыцягненьнем агентуры зь ліку асоб, якія супрацоўнічаюць з так званым Фондам барацьбы з карупцыяй Навальнага, актыўнай прыхільніцай якога зьяўляецца затрыманая Трэпава».
Пазьней адказнасьць за гэты тэракт узяла на сябе арганізацыя, якая называе сябе «Нацыянальная рэспубліканская армія».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нацыянальная рэспубліканская армія» ўзяла на сябе адказнасьць за забойства прапагандыста Ўладлена Татарскага ў Санкт-Пецярбургу