Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак зьвярнуўся да генэральнага пракурора Аляксандра Канюка са скаргай на «незаконныя дзеяньні» пракурора Менску Алега Лаўрухіна.
Што адбылося?
У кватэры Воўчака 3 студзеня прайшлі два вобшукі. Праваахоўнікі меркавалі, што забойства жанчыны, парэшткі якой знайшлі ў Сьвіслачы, адбылося ў ягонай кватэры.
Вобшук у кватэры Алега Воўчака, 3 студзеня
Брат праваабаронцы стасаваўся з адной з жанчын, якія зьніклі ў Менску адначасова з забойствам жанчыны, якую знайшлі ў Сьвіслачы. Пасьля ператрусаў Алега Воўчака дапыталі як сьведку і адпусьцілі.
Падазраванага ў забойстве затрымалі 6 студзеня ў Віцебску. 26-гадовы грамадзянін Туркмэністану Батыр А. падчас допыту прызнаўся ў забойстве. Паводле ч. 1 арт. 139 «Забойства» яму пагражае ад 6 да 15 гадоў турмы.
Як адрэагаваў Воўчак?
Воўчак просіць генпракурора Канюка прызнаць незаконнай пастанову пракурора Менску Лаўрухіна аб правядзеньні вобшуку ў кватэры Воўчака, а таксама прызначыць службовую праверку па дадзеным факце. Таксама Воўчак прапануе ўзьняць пытаньне аб далейшым знаходжаньні Лаўрухіна на пасадзе пракурора гораду праз «дыскрэдытацыю дзейнасьці пракуратуры» і парушэньне ім:
- Канстытуцыі;
- Крымінальна-працэсуальнага кодэксу;
- Кодэксу гонару пракурорскага супрацоўніка.
Алег Воўчак падчас ператрусу ў яго дома.
Воўчак зьвязвае вобшукі са сваёй праваабарончай дзейнасьцю. Ён лічыць, што фактам вобшукаў яго неабгрунтавана абвінавацілі ў забойстве і расчляненьні чалавека ў ягонай кватэры, што нанесла шкоду яго дзелавой рэпутацыі. Пры гэтым фармальнага абвінавачаньня Воўчаку не прадʼяўлялі.
«Іншых вобшукаў кватэр у гэтым раёне не праводзілася. Ніхто афіцыйна мне не тлумачыў, зь якой мэтай гэта ўсё праводзілася, і поўная засакрэчанасьць усіх сьледчых дзеяньняў наводзіць мяне на думкі, што гэтыя вобшукі наўпрост зьвязаныя з маёй праваабарончай дзейнасьцю, асабліва калі я, як прадстаўнік сямʼі Юрыя Захаранкі, камэнтаваў выказваньні „былога супрацоўніка СОБР“ Юрыя Гараўскага», — напісаў Воўчак.
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
У скарзе генпракурору Алег Воўчак называе шэраг парушэньняў з боку сьледчых і экспэртаў, якія праводзілі ператрус у ягонай кватэры:
- ператрус праводзілі без прадʼяўленьня пастановы на ператрус, гэта парушае крымінальна-працэсуальнае заканадаўства;
- падчас ператрусу ў кватэры не было двух панятых;
- копію пратаколу ператрусу і выманьня рэчаў Воўчаку таксама не перадалі;
-
пры другім ператрусе ў пастанове пракурора Менску Лаўрухіна сьцьвярджалася, што ў кватэры ёсьць сьляды злачынства, якія зьвязаныя з забойствам жанчыны, чые парэшткі знайшлі ў Сьвіслачы;
- ператрусы адбываліся тады, калі сьледчыя яшчэ ня вызначылі асобу забітай.
Кватэра пасьля ператрусу