Мюнхен на мяжы магчымасьцяў з-за наплыву мігрантаў

Імправізаваная сталоўка ў кірмашовым комплексе ў Мюнхене.

У Нямеччыну працягваюць прыбываць новыя і новыя мігранты: паліцыя Мюнхену паведамляе, што толькі ў мінулую суботу туды прыбылі 13 тысяч чалавек, перадае Бі-Бі-Сі.

Гарадзкія ўлады кажуць, што ня ў стане справіцца самастойна з такой вялікай колькасьцю ўцекачоў.

«Мы дасягнулі найвышэйшай мяжы нашых магчымасьцяў», — заявіў прадстаўнік паліцыі.

Гарадзкія ўлады ліхаманкава шукаюць месцы для разьмяшчэньня новых уцекачоў. «Нам не хапае ад тысячы да 5 тысяч месцаў», — заявіў у інтэрвію газеце Sueddeutsche Zeitung мэр гораду Дытэр Райтэр.

Улады разглядаюць магчымасьць выкарыстаньня ў якасьці часовага цэнтру для прыёму Алімпійскага палаца «Olympiahalle», пабудаванага ў 1972 годзе для Алімпіяды.

Эўропа ў цэлым зь цяжкасьцю спраўляецца з гіганцкім наплывам уцекачоў, у асноўным з Сырыі, але таксама з Афганістану, Эрытрэі і іншых краін.

Вугорскія ўлады рыхтуюцца цалкам перакрыць мяжу з Сэрбіяй, каб прадухіліць яе пераход уцекачамі. Тым ня менш у суботу яе перасеклі больш за 4 тысячы чалавек.

Паводле афіцыйных дадзеных, з пачатку гэтага году з Сэрбіі ў Вугоршчыну прыбылі 175 тысяч уцекачоў. У асноўным яны накіроўваліся ў Аўстрыю і Нямеччыну.

Карэспандэнт Бі-бі-сі Нік Торп, які наведаў горад Сэгед на вугорскім баку мяжы з Сэрбіяй, паведамляе, што там пасьпешліва ўзводзяцца аб’екты інфраструктуры ў лягеры для мігрантаў на станцыі Розке.

У пятніцу паведамлялася пра грубае абыходжаньне ахоўнікаў з насельнікамі лягеру, якім праз калючы дрот кідалі пакеты з ежай.

У суботу аўстрыйскі канцлер Вэрнэр Файман правёў паралель паміж стаўленьнем у Вугоршчыне да ўцекачоў і стаўленьнем нацыстаў да габрэяў.

У адказ міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта назваў выказваньні канцлера паклёпам.

Аднак у тую самую суботу 4000 уцекачоў, якія перайшлі мяжу з Вугоршчынай, былі накіраваны на поле, дзе ўзьведзены дзясяткі вялікіх намётаў, у тым ліку агенцтвам ААН па справах бежанцаў.

Большасьць мігрантаў хочуць працягнуць шлях у краіны паўночнай Эўропы праз суседнюю Аўстрыю, аднак вугорскія ўлады настойваюць, што па правілах ЭЗ ім неабходна прайсьці рэгістрацыю ў Вугоршчыне.

Эўрапейская камісія аб’явіла на мінулым тыдні пляны па ўвядзеньні абавязковых квотаў на разьмяшчэньне дадаткова 125 тысяч уцекачоў сярод 25 краінаў ЭЗ.