Посткамуністычныя сябры ЭЗ раскрытыкавалі вынікі грэцкага рэфэрэндуму

Той факт, што грэкі адкінулі рэформы, ня можа азначаць, што грошы дастануцца ім цяпер лягчэй, напісаў у сваім Твітэры міністар фінансаў і віцэ-прэм’ер Славаччыны Пэтэр Кажымір. Ён назваў выхад Грэцыі з эўразоны «рэалістычным сцэнаром».

Зыходзячы з вынікаў рэфэрэндуму ў Грэцыі, «можна зрабіць выснову, што Грэцыя сказала "не" атрыманьню дапамогі ад міжнародных партнэраў і знаходжаньню ў эўразоне», — лічыць міністар фінансаў Латвіі Яніс Рэйрс. На яго думку, урад Грэцыі давёў свой народ да катастрофы.

Эстонскі прэм’ер Тааві Рыйвас канстатаваў, што «рэформы ў Грэцыі па-ранейшаму непазьбежныя, і рашэньне адхіліць міжнародную прапанову аб дапамозе робіць сытуацыю крытычнай».

Левацэнтрысцкі ўрад Славеніі выступіў з рэзкай заявай. Адзначыўшы, што чакае ад Атэнаў «пераканаўчага пляну структурных рэформаў у Грэцыі», урад Славеніі папярэдзіў, што «не пагодзіцца на якія-небудзь экспэрымэнты грэцкага ўраду».

Польшча ў эўразону не ўваходзіць, але, як нагадаў яе міністар фінансаў Матэуш Шчурэк, удзельнічае ў дыскусіі з нагоды Грэцыі «як краіна, зацікаўленая ў будучыні эўразоны, прычым ня толькі ў якасьці магчымага чальца, але і як эканамічны партнэр». Да таго ж Варшава прымае ўдзел у прыняцьці рашэньняў на ўзроўні ўсяго ЭЗ.

Мяркуючы па апытаньні сацыялягічнага інстытуту IBRIS, апублікаванага газэтай Rzeczpospolita, 60% польскіх грамадзянаў супраць таго, каб ЭЗ працягнуў аказаньне фінансавай дапамогі Грэцыі. За далейшую дапамогу выказаліся ў два разы менш апытаных. Пры гэтым найбольшую гатоўнасьць і далей даваць грошы Атэнам (57%) выказалі маладыя палякі ва ўзросьце ад 25 да 34 гадоў. Ва ўзроставай групе ад 45 да 54 гадоў амаль тры чвэрці жыхароў краіны выступілі супраць новых крэдытаў.

Паводле «Нямецкай хвалі»