Цыпрас просіць у Эўразьвязу 7 мільярдаў эўра. Тэрмінова

Грэцыя на брусэльскай сустрэчы міністраў фінансаў не падала новых прапановаў па рэформах, паведамляе агенцтва dpa.

Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас мае намер у сераду зьвярнуцца да Эўрапарлямэнту. Паводле агенцтва, Грэцыя можа запытаць новы пакет дапамогі з Эўрапейскага фонду фінансавай стабільнасьці (ESM).

Раней італьянскае агенцтва ANSA з спасылкай на эўрапейскія крыніцы паведаміла, што Цыпрас у бліжэйшыя 48 гадзінаў мае намер прасіць аб прамежкавым крэдыце ў памеры 7 мільярдаў эўра.

Між тым, як заявіў міністар фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле, Грэцыя не атрымае фінансавую дапамогу, калі не прадставіць новую праграму рэформаў.

«Без праграмы няма магчымасьці дапамагчы Грэцыі ў рамках эўразоны, — сказаў ён на сустрэчы Эўрагрупы (нарады міністраў фінансаў краінаў зоны эўра — РС) ў Брусэлі. — Цяпер мы чакаем, зь якімі прапановамі выступіць грэцкі ўрад».

Шойбле таксама адзначыў, што Атэнам ня варта разьлічваць на сьпісаньне даўгоў.

Паводле «Нямецкай хвалі»