Уладзімір Пуцін быў першы замежны лідэр, якому прэм’ер Грэцыі Алексіс Цыпрас патэлефанаваў пасьля таго, як сталі вядомыя вынікі рэфэрэндуму. Як выглядае геастратэгічнае вымярэньне грэцкага крызісу? Пра гэта — публікацыі міжнароднага друку.
The New York Post
Джон Болтан, прадстаўнік ЗША ў ААН у 2005-2006 гадах:
Вынік грэцкага рэфэрэндуму стварае пагрозу стратэгічным інтарэсам Амэрыкі ў Эўропе, прычым Расея і Кітай гатовыя нажыцца за наш кошт. Што б улады краінаў эўразоны ў фінансавым пляне ні распачалі ў адносінах да Грэцыі, а Грэцыя — у адносінах да іх, для Вашынгтону важней за ўсё захаваньне стратэгічнага інтарэсу, які палягае ў тым, каб у выніку не пацярпела НАТО. З геастратэгічнага пункту гледжаньня вельмі неабходна, каб Грэцыя заставалася моцна зьвязанай са структурамі бясьпекі, такімі як НАТО, незалежна ад таго, якую валюту яна абярэ.
У цэнтры гэтага крызісу — першапачатковая загана эўра: фіскальная палітыка вызначаецца нацыянальнымі дзяржавамі, а манэтарную палітыку дыктуе Брусэль. І гэтую загану могуць паспрабаваць выкарыстоўваць супернікі Захаду ў міжнароднай супольнасьці.
Трэба выразна даць зразумець: магчыма, Эўропа наломіць дроваў у Грэцыі, але ўмяшаньня замежных дзяржаваў, у якіх можа ўзьнікнуць спакуса палавіць рыбку ў каламутнай вадзе, Злучаныя Штаты не пацярпяць. Аб ільготных крэдытах ад Вашынгтону гаворка не ідзе — гаворка аб актыўным палітычным удзеле з мэтай аднадзіць патэнцыйных парушальнікаў спакою. Расея і Кітай — адны зь першых у гэтым сьпісе. Улічваючы нядаўняе рашэньне ЭЗ аб працягу эканамічных санкцый супраць Масквы пасьля яе ваеннага ўмяшаньня ва Ўкраіне і анэксіі Крыму, Пуцін прагне нанесьці ўдар у адказ.
Цяпер ня час пакідаць усё на меркаваньне эўрапейцаў.
Foreign Policy
Эліяс Грол, журналіст:
Пуцін стаіць за кулісамі, тым часам як грэцкі эканамічны крызіс набліжаецца да кульмінацыі. Галоўнымі ўдзельнікамі ўсё больш жорсткай барацьбы Грэцыі зь яе эўрапейскімі крэдыторамі зьяўляюцца грэцкі прэм’ер-міністар Алексіс Цыпрас і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. Але на заднім пляне, спадзеючыся скарыстацца такой спрыяльнай геапалітычнай магчымасьцю, чакае расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
Расейскі лідэр, пагутарыўшы з Цыпрасам па тэлефоне ў панядзелак, намякнуў, што ён прыме Атэны ў свае цёплыя абдымкі, калі Грэцыя выйдзе з эўразоны і, магчыма, нават з ЭЗ. Ён казаў аб будаўніцтве новага расейскага газаправоду праз тэрыторыю Грэцыі, што дапамагло б ёй пагасіць доўг, забясьпечыць даходы ўраду і стварыць працоўныя месцы. Масква і Атэны таксама разглядалі магчымасьць удзелу расейскіх кампаній у прыватызацыі часткі грэцкай прамысловасьці.
Эўрапейскія лідэры добра ведаюць, што Грэцыя ўяўляе сабой прывабную мэту для Пуціна з-за яе ўдзелу і ў НАТО, і ў ЭЗ.
Застаецца незразумелым, на якой аснове Грэцыя і Расея пачнуць умацоўваць адносіны. Грэцыя, вядома, можа даць зручны міжземнаморскі порт для расейскіх вайсковых караблёў. Але ці будзе левы ўрад, прасякнуты марксісцкай традыцыяй супраціву, уступаць у змову з аўтакратам і падтрымліваць яго ваенныя амбіцыі? Ці зможа спусьцелая расейская казна даць Грэцыі неабходныя сродкі для адраджэньня яе эканомікі?
Нягледзячы на адсутнасьць канкрэтных прапановаў, манэўры вакол Грэцыі карысныя для Пуціна: яны сеюць недавер у шэрагах кааліцыі ЭЗ, падзяляючы яго ў пытаньні аб тым, як вырашыць грэцкі крызіс і супрацьстаяць Пуціну ва Ўкраіне.
The Wall Street Journal
Робэрт Каплан, старшы навуковы супрацоўнік Center for a New American Security:
Геапалітыка часам важнейшая за эканоміку: досыць зірнуць на Грэцыю. Калі б улічваліся чыста эканамічныя меркаваньні, то ў 1981 годзе Грэцыю наогул бы не прынялі ў блёк, які пазьней стаў Эўразьвязам, а сёлета яшчэ некалькі месяцаў таму выключылі б яе з эўразоны.
Але многія эўрапейскія палітыкі ведаюць (хоць толькі нямногія кажуць аб гэтым уголас), што Эўропа будзе больш уразьлівая да расейскай агрэсіі, калі яе, Эўропы, сувязі з Грэцыяй значна аслабнуць. Грэцыя, якая мае выхад да Міжземнага мора зь некалькіх бакоў — брама на Захад.
Калі б Сталін не саступіў Грэцыю Захаду ўзамен на астатнія Балканы і яна стала б часткай «камуністычнага блёку», Італіі (ня кажучы ўжо пра Ўсходняе Міжземнамор’е і Левант) пагражала б пастаянная небясьпека.
Але палітыка і культура Грэцыі ня цалкам укаранёныя ў Захадзе. Грэцыя — хутчэй дзіця бізантыйскага і атаманскага дэспатызму, чым Атэнаў Пэрыкла. Праваслаўе падсілкоўвае духоўна-эмацыйныя сувязі з Расіяй.
СССР выявіў, што дзейнічаць у Грэцыі яму было лягчэй, чым, мабыць, у любой іншай краіне НАТО. У гады халоднай вайны Грэцыя ніколі не адчувала сябе ў НАТО камфортна, марачы пра нейкі туманны нэўтралітэт. НАТО і ЭЗ забясьпечвалі Грэцыі свабоду і росквіт, што адрозьнівала яе ад іншых балканскіх краінаў, але грэкі, якія ня зьведалі на сваёй шкуры, што такое жыць у «Варшаўскай дамове», ніколі не адчувалі падзякі.
Калі ўлічыць даўнія сувязі Крамля ў Грэцыі, можна меркаваць, што цяпер у расейцаў лепшыя адносіны з партыяй СІРЫЗА і яе рознымі фракцыямі, чым у эўрапейцаў (а выведныя дадзеныя пра яе больш якасныя.
Магчыма, Расея яшчэ больш распальвае ўнутраныя звады ў СІРЫЗА, спадзеючыся, што партыя ня зможа пайсьці на няпростыя саступкі дзеля захаваньня эўра. Калі ж Грэцыя выйдзе з эўразоны, то эканамічны крызіс можа ператварыць яе ў напалову няспраўджаную дзяржаву. І гэта, разам з расчляненьнем і аслабленьнем Украіны, моцна пахісьне геапалітычныя пазыцыі Эўропы адносна Расеі.
Гішпанія і Партугалія стануць больш уразьлівымі да «заразы эўрадаўгоў», Альбанія, Баўгарыя і Румынія апынуцца ў менш абароненым становішчы.
У больш шырокім пляне паслабленьне сувязяў Грэцыі з Захадам варта разглядаць у адным шэрагу з умацаваньнем Ірану і Кітаю — як частку працэсу паступовага разбурэньня моцы Злучаных Штатаў.
Калі Грэцыя выйдзе з эўразоны, Эўропа і Амэрыка будуць зацікаўленыя ў тым, каб аздаравіць яе эканоміку, у прыватнасьці, для таго, каб не дапусьціць расейскія ваенныя караблі ў грэцкія порты.
The Financial Times
Фёдар Лук’янаў, галоўны рэдактар часопіса «Россия в глобальнай политике»:
Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што грэцкая кіроўная партыя СІРЫЗА — крэатура Крамля, створаная, каб разбурыць ЭЗ знутры ці хаця б раскалоць і аслабіць. Але ўзьлёт левага і правага радыкалізму — плод крызісу эўрапейскай мадэлі, а ў катастрофе Грэцыі вінаватая выключна эўрапейская эліта.
Для Цыпраса візыты ў Расею нашмат важнейшыя, чым для Пуціна. Цыпрас падвышае стаўкі, каб дамагчыся найлепшых умоў ад крэдытораў. Але, калі ў цяперашняй сытуацыі нейкі зьнешні партнэр дасьць Грэцыі грошай, ён, лічы, выкіне іх на вецер.
Расея зацікаўленая ў пракладцы па Грэцыі газаправоду, каб прапампоўваць газ у абыход Украіны. Аднак Эўракамісія заблякавала падобны праект — «Паўднёвы паток». Грэцыя зможа прымаць рашэньні па газаправодзе самастойна, калі выйдзе з ЭЗ, але цяпер ці ў бліжэйшай будучыні гэта малаверагодна.
Масква па-ранейшаму ставіцца да Эўропы прагматычна. Калі ў 2013 годзе адбыўся крызіс на Кіпры, Крэмль зрэагаваў на патрабаваньні Эўракамісіі да Кіпру нэгатыўна, але на наступны дзень паабяцаў дапамагчы Нікасіі разам зь іншымі крэдыторамі.
Масква выдатна ведае, што ў эўразоне дакладныя правілы, што яна кантралюецца буйнымі краінамі, пераважна Нямеччынай і ўмешвацца было б бессэнсоўна. Так што да Грэцыі, хутчэй за ўсё, стаўленьне будзе такое самае, хоць крызіс нашмат больш маштабны і глыбейшы, чым на Кіпры.
Меркаваньне, што Расея прапаноўвала дапамогу Грэцыі ў спадзеве на вэта на санкцыі ЭЗ, больш не актуальнае. У Грэцыі ёсьць больш неадкладныя праблемы, а рашэньні па санкцыях прымаюцца іншымі краінамі.
Вынік грэцкага крызісу важны для Масквы па дзьвюх прычынах. 1. Новы раўнд крызісу ў ЭЗ ударыць па расейскай эканоміцы і коштах на нафту. 2.ЭЗ ператвараецца ў вялікую зону нестабільнасьці незалежна ад таго, ці застанецца ў ім Грэцыя.
Ва ўсёй Эўразіі адбываюцца буйныя перамены, на фоне якіх грэцкая праблема можа здацца дробязьзю.