Улады Менскае вобласьці нэрвова адрэагавалі на рашэньне
шэрагу апазыцыйных партыяў правесьці 8 кастрычніка ў буйных гарадох краіны
акцыі пратэсту супраць выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”.
Учора ўвечары лідэр Слуцкай арганізацыі АГП Аляксандар Катляроў быў
выкліканы ў мясцовы пастарунак. Начальнік ГРАУС маёр Аляксандар Прымакоў
і ягоныя намесьнікі прапанавалі яму падпісаць папярэджаньне.
Маўляў, паколькі гарадзкі выканкам адмовіў яму ў правядзеньні 8 кастрычніка
на тутэйшым стадыёне антывыбарчага мітынгу, дык у выпадку спробы арганізацыі
ў горадзе падобных несанкцыянаваных акцыяў уся адказнасьць за магчымыя
наступствы ляжа пэрсанальна на яго, Аляксандра Катлярова.
Але Аляксандар папярэджаньне не падпісаў. А ў размове са мною заўважыў:
зараз слуцкая міліцыя так нэрвуецца, што нават хапае і цягне ў пастарунак
ўдзельнікаў сустрэчаў з выбаршчыкамі, хоць гэткія стрэчы дазваляюцца заканадаўствам.
Такое, дарэчы, у верасьні ўжо здарылася з самім спадаром Катляровым, і
тутэйшы суд у выніку вынес яму папярэджаньне…
Як паведаміў старшыня Жодзінскае рады БНФ Аляксей Лапіцкі, тутэйшыя
ўлады, наадварот, ня чыняць яму і ягоным паплечнікам перашкодаў у арганізацыі
8 кастрычніка такое сустрэчы ў цэнтры гораду ля ўнівэрсаму “Цэнтральны”.
Але не дае падрыхтавацца да яе мясцовы ГАУС. Днямі міліцыянты затрымалі
няпоўнагадовага сябра Маладога Фронту Паўла Красоўскага, у якога знайшлі
налепкі “Байкот-2000”. Цяпер сьледчы Дзянісюк мкнецца даказаць, што, маўляў,
за распаўсюджваньне налепак спадар Лапіцкі плаціў маладафронтаўцу грошы.
І літаральна кожны дзень на працягу тыдня выклікае да сябе на допыты кіраўніка
філіі БНФ.
У Маладэчне перадвыбарчая агітацыя пад наглядам старшыні гарадзкога
выканкаму Мікалая Чурсіна. Учора ён правёў сустрэчу зь лідэрамі ўсіх тутэйшых
палітычных арганізацыяў, акрамя народнафронтаўскіх (іхныя кіраўнікі прайгнаравалі
сход). А затым — зь мясцовымі рэлігійнымі дзяячамі. Ад палітыкаў спадар
Чурсін запатрабаваў спыненьня ўсялякай агітацыі супроць выбараў. А сьвятароў
прасіў, каб тыя заклікалі вернікаў узяць чынны ўдзел у выбарах.
Адметна, што, акрамя камуністаў, лібэрал-дэмакратаў Гайдукевіча і праваслаўных
сьвятароў, ніхто нічога пэўнага спадару Чурсіну не паабяцаў.
Учора ж лідэр філіі ТБМ Сяргей Юркевіч атрымаў афіцыйнае папярэджаньне
ад намесьніцы Чурсіна Данэліі Жук. Спадару Юркевічу інкрымінуецца нестатутная
дзейнасьць — арганізацыя месяц таму сустрэчы сяброў Таварыства Беларускае
Мовы зь лідэрам Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам, які тады, паводле зьвестак
спадарыні Жук, агітаваў супроць выбараў у гэтак званы “Нацыянальны сход”.
Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць