Берасьцейскія ўлады не адмаўляюцца ад намеру прымусіць каталіцкага сьвятара
Зьбігнева Кароляка пакінуць межы Беларусі. Калі ён не пажадае да 1 чэрвеня
пакінуць тэрыторыю краіны, яму пагражае дэпартацыя...
Магчымасьць такога варыянту разьвіцьця падзеяў пацьвердзіў начальнік
Ленінскага РАЎС Берасьця Аркадзь Касьцючык. На тэрыторыі менавіта гэтага
раёну знаходзіцца касьцёл Узьнясеньня Крыжа, у якім адпраўляе службу ксёндз
Збігнеў Кароляк. Пры гэтым начальнік раённай міліцыі спасылаецца на дамову,
якая, нібыта, была дасягнутая пад час красавіцкай сустрэчы кіраўніка каталіцкай
царквы на Беларусі Казіміра Сьвёнтака і віцэ-прэм’ера беларускага ўраду
Ўладзіміра Замяталіна. Маўляў тады Казімір Сьвёнтак даў абяцаньне зрабіць
усё, каб ксёндз Кароляк да 1чэрвеня зьехаў з Беларусі.
Але, як ужо паведамляла Радыё Свабода, у тэлефоннай размове з парафіянамі
берасьцейскага касьцёлу, кардынал Сьвёнтак абвергнуў гэтую інфармацыю,
назваўшы яе хлусьнёй, бо ніякіх пагадненьняў наконт спыненьня Каролякам
рэлігійнае дзейнасьці ў Берасьці з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў ён не
падпісваў.
Трэба нагадаць, што мясцовыя чыноўнікі ўжо не ўпершыню вызначаюць тэрмін
знаходжаньня каталіцкага сьвятара. У польскім пашпарце Зьбігнева Кароляка
нават зьявіўся адмысловы запіс, паводле якога яму належыць пакінуць межы
Беларусі да 14 красавіка. Ксёндз гэта не зрабіў, спаслаўшыся на адсутнасьць
загаду з боку кардынала. Потым адным з кіраўнікоў Берасьцейскай міліцыі
была названая новая дата – 20 траўня. Але і ў гэты дзень сьвятар заставаўся
ў горадзе.
Цікава, што Зьбігнеў Кароляк атрымаў запрашэньне ў Ватыкан на ўрачыстасьці
з нагоды 80-х угодкаў з дня нараджэньня Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Але
пасьля кансультацыяў з кіраўніцтвам Каталіцкай царквы, Кароляк не скарыстаўся
з гэтага запрашэньня, бо тады існавала б вялікая верагоднасьць таго, што
ксяндзу забаранілі б уезд на тэрыторыю Беларусі.
Пра тое, што ў Берасьці чакаюць нейкага адмысловага рашэньня наконт
дэпартацыі каталіцкага сьвятара, сьведчыць і яшчэ адна акалічнасьць. Учора
ў чарговы раз без усялякіх тлумачэньняў у Ленінскім раённым судзе гораду
быў адкладзены разгляд скаргі Зьбігнева Кароляка на дзеяньні міліцыянтаў,
якія 18 сакавіка затрымалі яго непасрэдна ў касьцёле, а потым склалі пратакол
аб парушэньні пашпартнага рэжыму, на падставе якога сьвятару было вынесенае
афіцыйнае папярэджаньне. Гэтая скарга была праігнараваная кіраўніцтвам
берасьцейскае міліцыі і доўгі час заставалася без увагі ў судзе першай
інстанцыі.
Толькі пасьля настойлівых захадаў грамадзкіх абаронцаў Зьбігнева Кароляка,
якія прадстаўляюць Беларускі Гэльсынскі Камітэт, абласны суд абавязаў Ленінскі
раённы суд усё ж пачаць разгляд згаданай скаргі. Але ўчора судзьдзя Астрэйка
абвесьціла, што наступнае паседжаньне адбудзецца толькі 9 чэрвеня. Юрысты,
якія прадстаўляюць інтарэсы Кароляка, робяць з гэтага выснову, што на мясцовым
узроўні судовая сыстэма наўмысна робіць працяглую паўзу, чакаючы нейкага
адмысловага рашэньня наконт дэпартацыі сьвятара, якое можа быць прынята
ў беларускай сталіцы.
Алег Супрунюк, Берасьце