El Pais тлумачыць тэлефанаваньне караля

Паводле адной з самых уплывовых газэт Гішпаніі манарх лябіяваў кандыдатуру Гішпаніі ў кіраўніцтва Сусьветнай арганізацыі харчаваньня.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка стаў канчаткова парыяй Эўропы за сваю рэпрэсіўную палітыку ў дачыненьні да дэмакратычнай апазыцыі. Таму так хутка была агучаная інфармацыя пра тэлефанаваньне, якое зрабіў яму ў мінулую суботу кароль Гішпаніі. Навіна была абнародаваная афіцыйным інфармацыйным агенцтвам БелТА і пацьверджаная прэсавым сакратаром Лукашэнкі Паўлам Лёгкім. Гішпанскі пасол у Маскве Хуан Антоніа Марч, які акрэдытаваны таксама і ў Беларусі, не спраўдзіў факту размовы.

Паводле БелТА, кароль Хуан Карлас і прэзыдэнт Беларусі абмеркавалі "актуальныя пытаньні двухбаковых адносінаў, пэрспэктывы гішпана-беларускага дыялёгу" і "наладжваньне супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ». Яны таксама «абмяняліся думкамі па пытаньнях супрацоўніцтва паміж дзьвюма дзяржавамі ў рамках міжнародных арганізацыяў".

Прадстаўнік караля Гішпаніі ўчора пацьвердзіў тэлефонную размову з Лукашэнкам і патлумачыў, што яна зьяўляецца часткай сэрыі 15 альбо 20 званкоў кіраўнікам розных дзяржаваў, якія кароль Хуан Карлас зрабіў за апошнія некалькі дзён для таго, каб заручыцца падтрымкай кандыдатуры цяперашняга міністра замежных справаў краіны Мігеля Анхеля Марацінаса на пасаду кіраўніка Сусьветнай сельскагаспадарчай арганізацыі (FAO). У беларускай вэрсіі размовы гэтае пытаньне ня ўзгадваецца.

Пасьля жорсткага падаўленьня дэманстрацыяў у Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня, ЭЗ праводзіць палітыку ізаляцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, Зьвяз прыняў сэрыі розных санкцыяў, апошнія зь якіх былі ўхваленыя на мінулым тыдні міністрамі замежных справаў 27 краінаў Зьвязу, гэтыя санкцыі прадугледжваюць забарону на продаж у Беларусь зброі і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаныя для ўнутраных рэпрэсіяў.

ЭЗ таксама пашырыў сьпіс беларускіх службовых асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і чые актывы былі замарожаныя. Гэты сьпіс уключае ў сябе больш за 190 асобаў на чале з самім Лукашэнкам.