Латвія канчаткова адмовіла Лужкову

Управа ў справах грамадзянства і міграцыі Латвіі накіравала былому мэру Масквы Юрыю Лужкову адмову ў дазволе на пражываньне, паведамляе агенцтва Delfi.

Раней міністар унутраных спраў Латвіі Лінда Мурніеце заявіла, што ўключыла Лужкова ў сьпіс непажаданых асобаў.

На мінулым тыдні Лужкоў, аднак, сказаў латвійскай газэце Diena, што не пакінуў свайго намеру атрымаць згаданы дазвол.

Экс-мэр Масквы вядомы сваімі скандальнымі заявамі пра Латвію, у якіх называў краіну "фашысцкім гняздом" і "Кампучыяй" (афіцыйная назва Камбоджы часоў кіраваньня там крывавага дыктатара Пола Пота).