Міліцыянты не знайшлі сьведак лаянкі апазыцыянэраў

Андрэя Кіма каля суду сустракае Наста Палажанка і іншыя моладзевыя актывісты

Удзельнікаў менскага сьвяткаваньня 20-гадовага юбілею Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі будуць судзіць 5 жніўня. Суд Савецкага раёну Менску сёньня адклаў слуханьні на працэсах супраць затрыманых учора апазыцыянэраў, абвінавачаных у лаянцы, бо не было сьведкаў з боку абвінавачаньня.

Чатырох апазыцыйных актывістаў — Вячаслава Сіўчыка, Андрэя Кіма, Міколу Дземідзенку і Касю Давыдзік — ўчора ўвечары затрымалі пасьля ўскладаньня кветак да помніка Якубу Коласу ў Менску. Афіцыйная прычына затрыманьня — нецэнзурная лаянка. Ноч яны адбылі ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Сёньня іх прывезьлі ў суд Савецкага раёну Менску. Але суды фактычна не адбыліся. Непрацяглая судовае паседжаньне распачалося толькі пас справе Касі Давыдзік. Але з-за адсутнасьці сьведкаў яе з паплечнікамі адпусьцілі на свабоду, а суд адклалі на 5 жніўня. Адзін з затрыманых, Андрэй Кім, па вызваленьні пракамэнтаваў падзеі гэтак:

"Пятнаццаць чалавек ускладаюць кветкі — каму гэта замінае? Мне падаецца, што хтосьці там працуе на разьдзіманьне скандалу, а значыць — супраць Лукашэнкі".

Your browser doesn’t support HTML5

Андрэй Кім пра затрыманьне 27 ліпеня



Усе, хто прыйшлі да суду падтрымаць зьняволеных апазыцыянэраў, у сваіх камэнтарах зьвязвалі перасьлед актывістаў уладамі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Гаворыць адна зь лідэраў Маладога Фронту Наста Палажанка, якая прыйшла падтрымаць свайго паплечніка:

"Малады Фронт звык да такіх сытуацый, і я перакананая, што гэтае затрыманьне — гэта сьведчаньне, што набліжаюцца выбары, набліжаецца новая рэпрэсіўная эпоха, да якой, безумоўна, варта рыхтавацца".

Your browser doesn’t support HTML5

Наста Палажанка пра затрыманьні 27 ліпеня



Адзін зь лідэраў БХД Аляксей Шэін, які прыйшоў падтрымаць вязьняў у суд, абвінавачваньне супраць затрыманых учора актывістаў апазыцыі пракамэнтаваў наступным чынам:

"Тое, што людзей зьвінавацілі ў лаянцы падчас ускладаньня кветак да помніка Якубу Коласу, ужо шмат пра што кажа. А жорсткае абыходжаньне, калі вязьням не дазвалялі перадаваць ежу і рэчы, штурхалі, пашкодзілі руку Андрэю Кіму — кажа пра тое, што ўжо дадзеная нейкая адмашка і распачалася перадвыбарчая кампанія".

Your browser doesn’t support HTML5

Аляксей Шэін пра затрыманьні 27 ліпеня



Больш за 20 моладзевых актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць сваіх паплечнікаў у суд, заўважылі ўзмоцнены канвой арыштаваных, строгі міліцэйскі кантроль на ўваходзе ў будынак суду. Грубасьць супрацоўнікаў у цывільным маці Вячаслава Сіўчыка, спадарыня Галіна, зьведала на сабе. Каб супрацьстаяць гвалту, Галіна Сіўчык прыйшла ў суд з абразом Маці Божай і Бібліяй:

"Я ўзяла абраз Маці Божай і Біблію. Бо тое, што нашых дзяцей вінавацяць у брыдкаслоўі, то я проста хачу перапыніць паток маны. І паколькі ў нас не працуюць праваахоўныя органы, то ў мяне вельмі моцныя спадзяваньні на Маці Божую".

Your browser doesn’t support HTML5

Вячаслаў Сіўчык пра затрыманьне 27 ліпеня



Вызваленых Вячаслава Сіўчыка і Андрэя Кіма моладзевыя актывісты кармілі на прыступках суду