Эўрапейскія лідэры зьбіраюцца ў Тыране ў пятніцу, каб абмеркаваць найбольш надзённыя праблемы кантынэнту, уключаючы вайну ва Ўкраіне, міграцыю і канкурэнтаздольнасьць.
Тэма саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (EPC) у Тыране — «Новая Эўропа ў новым сьвеце: адзінства — супрацоўніцтва — сумесныя дзеяньні», піша AP.
«Паколькі расейская агрэсіўная вайна супраць Украіны працягваецца, яе наступствы выходзяць далёка за межы Украіны, ствараючы напружаньне для нашай бясьпекі і выпрабоўваючы нашу калектыўную ўстойлівасьць», — напісалі прэм’ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта ў сваім запрашальным лісьце на саміт ЭПС.
Лідэры 47 эўрапейскіх краінаў запрошаныя ў альбанскую сталіцу на шостую сустрэчу Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. Сустрэча сумесна арганізаваная прэмʼер-міністрам Альбаніі Эдзі Рамай і прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Антонію Коштам. Лідэры абмяркуюць выклікі бясьпекі, інавацыі і эканамічную ўстойлівасьць, а таксама міграцыю і магчымасьці для моладзі, паведаміла dpa.
Гэта будзе першы буйны саміт для канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца пасьля ўступленьня на пасаду на мінулым тыдні.
Чакаецца ўдзел у сустрэчы Эманюэля Макрона, прэзыдэнта Францыі, Кіра Стармэр, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, Джорджы Мэлёні, прэм’ер-міністарка Італіі, Уладзіміра Зяленскага, прэзыдэнта Ўкраіны і многіх іншых.
Афіцыйны Менск на сустрэчу не запрашалі, але ў ёй возьме ўдзел Сьвятлана Ціханоўская. Яна плянуе ўзьняць тэмы вызваленыя палітвязьняў, падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай будучыні Беларусі, вяртаньня Беларусі ў сям’ю эўрапейскіх народаў, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
ЭПС была ініцыяваная прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам пасьля нападу Расеі на Ўкраіну для нефармальнага дыялёгу паміж эўрапейскімі краінамі. Лідэры ЭПС упершыню сустрэліся ў кастрычніку 2022 году ў Празе, а апошні раз зьбіраліся ў Будапэшце ў лістападзе 2024 году.
Расія — адна з буйных эўрапейскіх дзяржаў, якая не была запрошана, разам з Беларусьсю, якая дапамагае ёй у вайне з Украінай.
Наступная сустрэча ЭПС адбудзецца ў Даніі пазьней у гэтым годзе.
Форум