Удзельнікі: Караліна Мацкевіч, Алена Міхалюк, Васіль Еўдакімаў, Джэймс Дынглі.
У чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа” мы прапануем вам размову пра беларускую школу ў Лёндане, якая працягвае ранейшыя традыцыі адукацыі дзяцей беларускай эміграцыі ў гэтай краіне. У перадачы бяруць удзел Алена Міхалюк, Караліна Мацкевіч, Джэймс Дынглі, Васіль Еўдакімаў.
(Мацкевіч: ) “Мне як маме хацелася, каб мая дачушка мела што-небудзь беларускае, мела беларускіх сяброў. Вельмі шмат маладых сем'яў у Лёндане і па-за Лёнданам, дзеткі адно аднаго не ведалі. Калі бацькі зьбіраліся на лекцыі, ясна, што дзецям гэта не цікава. Нехта павінен быў заняцца дзецьмі і, я падумала, чаму не займуся я сама”.
Гэта была Караліна Мацкевіч, якая два з паловай гады таму прапанавала арганізаваць адзіную ў Ангельшчыне беларускую школу ў Лёндане, там цяпер і вучыцца яе 6-гадовая дачка Алена.
(Мацкевіч: ) “Зьбіраемся мы па суботах, разам недзе гадзінаў пяць. Гуляем, сьпяваем, вучымся пісаць кірыліцай. Тое, што мы можам прапанаваць, гэта ня ёсьць фармальнай адукацыяй. Я і Ігар Іваноў, які мне ўвесь час дапамагае, мы спрабуем навучыць дзяцей уласна найбольш элемэнтарным рэчам – некаторыя элемэнты культуры і, безумоўна, гаворым толькі па-беларуску. Але ня ўсе дзеці гавораць, а часам і не разумеюць па-беларуску, таму, каб трымаць іх разам, даводзіцца ўсё рабіць вельмі такім актыўным, з гульнямі, зь песьнямі, і ў той жа час рабіць усё гэта па-беларуску. І гэта спрацавала вельмі добра. Яны ўсе вельмі добра сябруюць, вельмі ахвотна прыяжджаюць на нашыя спатканьні.
Я б сказала, што ня ў школцы рэч. Дзякуй Богу, што мы маем магчымасьць стварыць для дзяцей беларускі асяродак, але асноўная праца – гэта сям’я. Адзінае, што мы можам зрабіць – гэта зацікавіць дзяцей і зацікавіць бацькоў у тым, каб падтрымліваць гэтую беларускамоўную практыку ня толькі тут сярод беларусаў, калі мы зьбіраемся на нейкія падзеі, а ў сям'і, бо іначай наступнае пакаленьне будзе страчанае для Беларусі”.
(Сурмач: ) “Сп. Караліна, якімі падручнікамі ды кніжкамі вы карыстаецеся, ці маеце нейкія дапаможнікі зь Беларусі?”
(Мацкевіч: ) “У нас няма падручнікаў. Нам не падыходзяць падручнікі зь Беларусі, яны разьлічаныя на дзетак, якія гавораць па-беларуску. Калі я раблю заняткі з кнігамі, я хутчэй бяру ангельскія падручнікі для самых маленькіх і наклейваю на іх беларускія словы. І гэта спрацоўвае лепш.
Калі я ежджу ў Беларусь, я купляю часопісы, купляю "Вясёлку". Але, у асноўным, гэта вусная размова. У нас збор дзяцей усіх узростаў, старэйшай – 10 гадоў, а малодшаму – 3 гады. Гэта абсалютна нефармальная адукацыя, гэта проста мы разам гаворым па-беларуску, гуляем, сьпяваем па-беларуску, мы ведаем, хто мы ёсьць”.
(Сурмач: ) “Хто Вы сама па адукацыі, сп. Караліна, як даўно жывяце ў Ангельшчыне?”
(Мацкевіч: ) “У Ангельшчыне з 1992 году, прыехала на запрашэньне айца Аляксандра Надсана са сваёй сяброўкай Ірынаю Дубянецкай, прыехалі вывучаць багаслоўе ў Місіянэрскім інстытуце ў Лёндане, яна цяпер выкладае там старажытна-габрэйскую мову. Я рабіла магістрат у Парыжы два гады. Выйшла замуж, мой муж – ангелец, цяпер у мяне сям'я і жыву я далёка на Захад ад Лёндану, але ежджу выкладаць”.
(Сурмач: ) “Дзеці са школы далучаюцца да жыцьця беларускай суполкі ў Лёндане, найперш, разам з дарослымі сьвяткуюць нацыянальныя і рэлігійныя сьвяты?”
(Мацкевіч: ) “Безумоўна, у нас самыя вялікія падзеі – гэта Каляды і Купальле. Купальле – гэта ўлюбёны дзень для ўсіх, калі ў садзе Беларускай каталіцкай міссіі раскладаецца вогнішча, і дзеці цягнуць бацькоў празь яго скакаць. Гэта для ўсіх велізарнае задавальненьне. Дзеткі апранаюцца ў беларускія строі. Пасьля мы ўсе ідзем у парк недалёка, там рачулка ёсьць. Мы пускаем там вянкі. Аднойчы быў сьмешны выпадак, калі гурт ангельскіх падлеткаў, якія там гулялі, пабачылі нас у строях зь вянкамі, са сьвечкамі і зацікавіліся, што мы далей будзем рабіць. Адзін хлопчык у другога пытаецца, а што гэта – сэкта нейкая? А другі, ангельскі мурын, гаворыць: "Сьціхні ты, дурань, гэта нацыянальнае сьвята". Пасьля гэтага камэнтару яны ўсе стаялі і зь вялікай павагаю сачылі за тым, што мы рабілі”.
(Сурмач: ) “Караліна, якое маеце пажаданьне для школы, што лічыце патрэбна зрабіць?”
(Мацкевіч: ) “Вельмі хацелася б мець сувязь зь дзецьмі ў Беларусі. Была ідэя правесьці летнік ў Беларусі, нават знойдзенае было памяшканьне, але, практычна, калі пачынаюцца праблемы зь візамі, з квіткамі, цяжка ўсё вырашыць. Калі арганізоўваць выезд вялікай групы дзяцей – гэта трэба каб рабілі прафэсіяналы, пакуль што з гэтым не атрымліваецца”.
(Сурмач: ) “Дарэчы, пра гэта мараць і бацькі...”
(Дынглі: ) “Я бы хацеў, каб недзе ў Беларусі быў лягер для дзяцей беларускамоўны, патрэбны такі лягер. Я хацеў бы, каб дзеці нашыя пабылі ў Беларусі, чаму не? Я поўнасьцю – за, я б прыехаў з імі”.
(Сурмач: ) “Так выказаўся Джэймс Дынглі – бацька двух дзяўчынак Алены і Аляксандры, якія ад пачатку наведваюць беларускую школку, бо растуць яны ў ангельска-беларускай сям’і, іх маці паходзіць зь Менску. Сп. Джэймс, што для вашых дзетак гэтая школа, ці з ахвотаю яны туды ходзяць?”
(Дынглі: ) “Так, мае дзеці ходзяць з задавальненьнем, яны вельмі любяць гэтую школу. Яны там гавораць па-беларуску, яны вельмі любяць Караліну, Ігара і сваіх сяброў, якіх яны маюць у школцы. Гэта вялікая справа. Яны хочуць там быць у беларускім асяродзьдзі, гэта вельмі добра.
Яны маюць кніжкі беларускія, стараемся як мага больш чытаць зь імі па-беларуску, каб яны хоць пісалі свае імёны кірыліцай. Мы заўжды падкрэсьліваем і кажам: “Дзеткі, вы напалову беларусы і трэба прынамсі ведаць літары беларускія, трэба ведаць выразы, трэба умець вітацца зь людзьмі па-беларуску”. І яны гэта ўмеюць. Я вельмі ўдзячны ў першую чаргу Караліне, бо яна ахвотна аддае свой час і энэргію гэтай справе”.
(Сурмач: ) “Паслухаем яшчэ аднаго бацьку, чые дзеці наведваюць беларускую школу. Гэта Васіль Еўдакімаў – вядомы беларускі грамадзкі дзеяч ў Вялікай Брытаніі. Раней ён узначальваў Згуртаваньне беларусаў у гэтай краіне, а цяпер ачольвае Англа-беларускае таварыства. Васіль Еўдакімаў родам зь Менску, а маці ягоных дзяцей паходзіць з Латвіі. Спадар Васіль адным з першых падтрымаў ідэю стварэньня школы.»
(Еўдакімаў: ) “Безумоўна, ідэя сама добрая. Я тут, можна сказаць, найбольш пладавіты бацька, так што для мяне гэта найбольш актуальнае пытаньне было. У мяне чацьвёра дзяцей”.
(Сурмач: ) “І ўсе ходзяць у беларускую школку?”
(Еўдакімаў: ) “Ня ўсе, але трое старэйшых ходзяць. У мяне дзяўчына старэйшая і два хлопцы, а чацьвёрты таксама хлопец, але ён яшчэ замалы, яму толькі адзін год, так што ён яшчэ ня ходзіць ані на сваіх нагах, ані ў школу”.
(Сурмач: ) “А як вашыя дзеці, дабраахвотна ідуць у беларускую школу, ці ўсё ж гэта больш вашае жаданьне, каб яны туды хадзілі?”
(Еўдакімаў: ) “Не, ніхто іх не прымушаў. Яны прыходзілі раней у нашае памяшканьне, калі былі нейкія імпрэзы ці ў царкву. Спачатку яны пайшлі паглядзець, як там. А пасьля ім спадабалася, і яны з задавальненьнем ходзяць, чакаюць на гэтыя заняткі.
Мае дзеткі таксама ходзяць і ў латыскую школу, там ў іх асобныя клясы. Нашыя дзеці ўсе ходзяць у адзін кляс і займаюцца з усімі, але ж для кожнага дзіцяці індывідуальна даецца пэўнае заданьне для ягонага ўзросту і разьвіцьця.
Зноў жа ў параўнаньні з латыскай школай беларуская ім падабаецца больш таму, што там больш свабоды. Тут яны могуць бегаць, маляваць, ў садзе займаюцца і ў залі.
У нас вельмі добры калектыў склаўся там, дзіцячы я маю на ўвазе, яны падабаюцца адзін аднаму, з задавальненьнем гуляюць разам”.
(Сурмач: ) “Вашыя дзеці менавіта толькі ў гэтай школе могуць знаёміцца з моваю, гісторыяй, пазнаваць традыцыі, звычаі беларускія. Дома зь імі больш займаецца маці, якая вучыць іх латыскай культуры.”
(Еўдакімаў: ) “Безумоўна, яны кніжкі беларускія чытаюць, гісторыю вывучаюць. Нацыянальная сымболіка стаіць у памяшканьні, так што воляй-няволяй яны зьвяртаюць на гэта ўсё ўвагу. Час ад часу іх падрыхтоўваюць да нейкіх імпрэзаў, якія мы ладзім. Напрыклад, Каляды ці Купальле. Так што яны знаёмяцца са звычаямі, з традыцыямі народу.
Мае дзеткі маюць і латыскія, і беларускія строі, але яны настолькі падобныя, што яны і туды, і сюды іх носяць. Маленькі таксама, ён мае кашулю толькі. Так хутка яны растуць, што не пасьпяваеш набываць гэтыя строі”.
(Сурмач: ) “Сп. Васіль, якія ў Вас ёсьць пажаданьні адносна беларускай школы?”
(Еўдакімаў: ) “Найперш, каб больш дзетак было, пладавітасьці тут нашым беларусам жадаем і каб новыя людзі прыходзілі. Мы, калі сустракаем кагосьці, пры розных сустрэчах, безумоўна, прапагандум гэтую школу. Так што школе пажадаю, каб яна заставалася вось такой вясёлай і прывабнай для нашай моладзі, каб толькі пашыралася, каб у нас больш настаўнікаў зьявілася. Караліна вельмі добрую справу робіць, але яна адна амаль што працуе і жыве яна далёка ад Лёндану. Яна, безумоўна, ахвяруе і сваім вольным часам, і сваімі асабістымі справамі. Я спадзяюся, што сытуацыя зьменіцца, будзе больш моладзі і будзе больш магчымасьцяў рабіць гэта больш рэгулярна і з большым калектывам настаўнікаў”.
(Сурмач: ) “Бацькі, як бачым, жадаюць, каб школа пашыралася. Але, наколькі гэта магчыма? Гэтае пытаньне мы задалі Караліне Мацкевіч – арганізатару і настаўніцы школы.”
(Мацкевіч: ) “Мы з Ігарам, які мне дапамагае, працуем даволі шмат. Ігар Іваноў – гэта студэнт Мэсіянэрскага інстытуту. Калі не знойдзем больш рэсурсаў, то запрашаць яшчэ дзяцей папросту немагчыма. Гэта толькі дабраахвотная праца, сярод нас няма кваліфікаваных пэдагогаў. Бацькі гэта разумеюць і ад нас шмат не патрабуюць. Мы карыстаемся прапановай рэктара місіі айца Надсана, мы не плацім ні за памяшканьне, ні за электрычнасьць”.
(Сурмач: ) “Беларуская школа працуе ў памяшканьні Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане. Але яна патрабуе дапамогі з боку ўсёй сьвядомай беларускай эміграцыі ў Ангельшчыне. Асабліва, з апошняй хвалі эмігрантаў, якія мусяць клапаціцца пра тое, каб іхныя дзеці не забыліся на сваё паходжаньне.
Добрым прыкладам ім можа служыць старэйшае пакаленьне эмігрантаў, якое далёка ня ў лепшых умовах старалася даць сваім дзецям на чужыне беларускую адукацыю. Сучасная беларуская школа ў Лёндане стварылася не на пустым месцы. Яна фактычна працягвае справу адукацыі, якую ў 1960-х гадах рабіла школа-інтэрнат, створаная ў гэтых жа будынках Беларускай каталіцкай міссіі.
Гэта была ўнікальная, адзіная такая беларуская школа ў замежжы, дзе вучыліся дзеці ня толькі беларусаў з Ангельшчыны, але і з іншых краінаў.
Пра тую школу мы папрасілі распавесьці Алену Міхалюк – старшыню Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Тры сыны спадарства Янкі і Алены Міхалюкоў вучыліся, а спадарыня Алена некаторы час працавала там.”
(Міхалюк: ) “Быў беларускі інтэрнат у Лёндане, там вучыліся ўсе беларускія дзеці і нашыя тры сыны. Мы яшчэ жылі ў Брадфордзе. Наш старэйшы сын быў ад самага пачатку дзейнасьці школы. Іх спачатку было толькі чатыры вучні. Яны жылі там, хадзілі ў звычайную ангельскую школу, але вечарамі, у суботу і нядзелю, яны звычайна вучылі беларускую гісторыю, літаратуру, мову. Гэта ўсё было на высокім узроўні, выкладчыкі былі там – айцец Германовіч, айцец Гарошка, айцец Надсан і Ўладыка, здаецца, чытаў там лекцыі.
Тады, калі мы ўжо трэцяга сына адправілі ў гэтую школу, то мы самі пераехалі ў Лёндан. Я там працавала 5 гадоў як гаспадыня гэтай школы”.
(Сурмач: ) “Сп. Алена, зь якіх краінаў там вучыліся дзеці, і якім быў далейшы лёс школы, калі яна была ліквідаваная?”
(Міхалюк: ) “Там былі дзеці з Амэрыкі, з Бэльгіі, зь Нямеччыны. Зь Нямеччыны, напрыклад, было тры чалавекі – сын Юркі Сянькоўскага, сын спадара Ложкі і сын спадра Гоха. Спадар Гох быў немцам, але ён так любіў Беларусь, што паслаў свайго сына сюды вучыць беларускую мову і гісторыю. Ён, здаецца, быў у польскім войску і вельмі пасябраваў зь беларусамі. Ён сам гаварыў чыста па-беларуску, пісаў і таксама, здаецца, вершы троху складаў.
Там з кожным годам колькасьць пабольшвалася, здаецца, было 17 хлопцаў. Гэта быў інтэрнат для хлопцаў, там не было магчымасьці трымаць дзяўчат, бо гэта была рэлігійная ўстанова, гэта быў інтэрнат імя сьвятога Кірылы Тураўскага.
Яе, фактычна, не зачынялі адмыслова. Проста калі дзеці дарасьлі да 17 гадоў, яны ўжо мусілі пакінуць тую школу і ўжо паразьяжджаліся альбо ў брытанскія ўнівэрсытэты, альбо ў свае краіны паехалі вучыцца. Гэта былі 1970-я гады, недзе 1976, дакладна не магу сказаць”.
(Сурмач: ) “Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі дапамагала ў арганізацыі цяперашняй школы, падтрымлівае яе цяпер і фінансава. Хацелася б спадзявацца, што падтрымку школе акажуць і з Бацькаўшчыны. Хаця б у арганізацыі побыту дзяцей у летніку ў Беларусі, пра што тут гаварылі ўдзельнікі нашай сёньняшняй перадачы.”